Юбілею горада – выдатны падарунак
Шмат падарункаў – цікавых праектаў, выдатных працоўных дасягненняў, добрых спраў, перамог у конкурсах і спаборніцтвах, песень і вершаў – прысвяцілі жыхары нашага краю 600-годдзю горада Глыбокае. Па-асабліваму рыхтавалася да гэтай гістарычнай даты вядомы ў раёне чалавек, заслужаная настаўніца Беларусі Лізавета Дзмітрыева.
Апантаны географ, выдатны прафесіянал-педагог і гарачы патрыёт свайго краю да неаднаразовых перамог сваіх вучняў на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах і конкурсах даследчых работ дабавіла яшчэ адзін цудоўны падарунак. Лізавета Міхайлаўна падрыхтавала і выдала “Турыстычны атлас Глыбоччыны”. Прыгожы і змястоўны дапаможнік як для школьнікаў, так і для ўсіх, хто хоча больш ведаць пра сваю старонку, а яшчэ гэта — добры здабытак для турыстаў.
—Задуму стварыць такі атлас выношвала даўно, — расказвае Лізавета Міхайлаўна. – У мінулым годзе, падчас падрыхтоўкі вучняў да раённай алімпіяды па геаграфіі яшчэ больш сцвердзілася ў гэтым. Ды што й казаць, ужо 7 гадоў, як у школах раёна вывучаецца факультатыўны курс “Мой край – Глыбоччына”. Створаны электронны варыянт падручніка. І як тут без атласа — выдатнага дапаможніка да яго?
Так ушчыльную, можна сказаць, і занялася падрыхтоўкай атласа да выдання. Вельмі дапамог у гэтай справе прафесійны географ, выпускнік СШ №3, колішні неаднаразовы пераможца абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па геаграфіі Аляксандр Кірылаў. Прафесійны географ, ён выдатна валодае праграмай складання карт з выкарыстаннем сучасных камп’ютарных тэхналогій. Здорава дапамаглі метадыст цэнтра інфармацыйных тэхналогій аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ніна Ляшонак і супрацоўніца раённай бібліятэкі сямейнага чытання Марына Ізаітка.
Паўгода працы – і атлас атрымаўся што трэба! Складаецца ён з наступных раздзелаў: “Фарміраванне тэрыторыі Глыбоцкага раёна”, “Фізіка-геаграфічнае становішча”, “Прыродаахоўная тэрыторыя”, “Архітэктурна-гістарычныя помнікі Глыбоччыны”, “Шчыльнасць насельніцтва па сельсаветах”, “Інфармацыя пра значныя аб’екты кожнага сельсавета”. Завяршальны раздзел зместу атласа “Глыбоччына запрашае” – карта сучаснага Глыбокага – важкі набытак, асабліва ў Год гасціннасці, для турыстаў.
vg-gazeta.by
|