З днём нараджэння, любімы горад!
3 ліпеня 2014 года, калі светлыя, чыстыя, расквечаныя рознакаляровымі летнімі фарбамі вуліцы, плошчы, скверы Глыбокага запоўніла ўзвышана-урачыстая атмасфера. Разам з усёй краінай жыхары нашага раёна адзначалі галоўнае дзяржаўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 70-годдзе з дня вызвалення нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Асаблівасць святкавання для жыхароў Глыбоччыны ў тым, што менавіта ў гэты ліпеньскі дзень 1944 года быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў наш раён. А сёлета, да ўсяго, урачыстыя падзеі і мерапрыемствы асвечаны важнейшай гістарычнай датай – 600-гадовым юбілеем горада Глыбокае.
З самага ранку прадстаўнікі шырокай грамадскасці горада і раёна, шматлікія госці станавіліся ўдзельнікамі разнастайных мерапрыемстваў. Прадстаўнікі працоўных калектываў наведалі ўсе мемарыльныя мясціны ў горадзе і яго ваколіцах, дзе да помнікаў загінуўшым у гады вайны ўсклалі вянкі і кветкі. Затым многія адправіліся ў раённы гісторыка-этнаграфічны музей і ў гарадскі цэнтр культуры, дзе ўдзельнічалі ў адкрыцці дзвюх цудоўных выстаў: “З чаго ўсё пачыналася” і фотавыставы “Глыбокаму прысвячаецца”.
Галоўныя ўрачыстасці распачаліся з мітынга-рэквіема “Памяці загінуўшых, славе жывых” у парку Перамогі і на абноўленым да свята мемарыльным комплексе ва ўрочышчы Барок. Узвышана-урачыстая музычна-паэтычная кампазіцыя кранала самыя тонкія струны душы, заклікала быць заўсёды дастойнымі памяці загінуўшых за нашу незалежнасць.
Бессмяротны гераізм і мужнасць абаронцаў Айчыны, іх велічны подзвіг назаўсёды застануцца ў нашай памяці, -- зазначыў у сваёй прамове кіраўнік нашага раёна, старшыня райвыканкама Алег Морхат. – Сёння мы ўсе ў адказе за будучыню нашай дзяржавы. Нас аб’ядноўвае заспаветная любоў да Радзімы, вернасць гераічным традыцыям і шчырае жаданне зрабіць яе адной з прыгажэйшых і камфортнейшых краін свету.
Узносячы славу мужнасці і стойкасці пакалення пераможцаў і заклікаючы маладых берагчы і захоўваць духоўныя-маральныя каштоўнасці, да глыбачан звярталіся старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Развадоўскі, благачынны цэркаваў Глыбоцкай акругі протаіерэй Міхаіл Ізаітка і ксёндз пробашч Глыбоцкага касцёла Святой Тройцы Мечыслаў Янчышын.
Удзельнікі мітынгу-рэквіема ўсклалі вянкі і кветкі да помнікаў загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны і воінам-інтэрнацыяналістам, ушанавалі памяць аб героях-вызваліцелях хвілінай маўчання.
Затым святочная дзея перанеслася на Цэнтральную плошчу, дзе разгарнулася тэатралізаванае шэсце “Беларусь – краіна міру і дабра”. Дарагіх ветэранаў, працаўнікоў горада і раёна і гасцей сардэчна вітаў старшыня райвыканкама Алег Морхат. “Дата 3 ліпеня -- сімвал нашай памяці, доблесці славы нашых дзядоў і прадзедаў, – падкрэсліў Алег Віктаравіч. -- Мы адзначаем гэтае найдарожшае наша свята ў міры і стабільнасці, з цвёрдай упэўненасцю, што наша сумесная самаадданая праца забяспечыць дабрабыт усяго народа Беларусі”. Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў Алег Віктаравіч павіншаваў ўсіх са святам.
Усхвалявала і многіх нават расчуліла тэатралізавана-музычная кампазіцыя, у якой былі адлюстраваны самыя трагічныя і гераічныя перыяды Вялікай Айчыннай вайны, значнасць і веліч перамогі над ворагам. Вучні школ горада пранеслі Палатно Перамогі, створанае іх аднагодкамі з устаноў адукацыі нашага раёна. А завяршаючым радасным акордам гэтай цудоўнай пастаноўкі стаў парад ваеннаслужачых вайсковай часці 5524, раённага аддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і навучэнцаў раённага цэнтра дапрызыўной падрыхтоўкі, вучняў гарадскіх школ і раённай гімназіі, і таксама музычна-харэаграфічная кампазіцыя “Васільковае лета”.
Незлічоную колькасць радасных святочных эмоцый падарылі глыбачанам у гэты дзень спартыўнае свята на гарадскім стадыёне, святочная праграма на набярэжнай возера Кагальнае “Вальс Перамогі” і канцэртныя – “Спявам табе, наш горад” і “Перамога ў сэрцы кожнага жыве”. І, канешне ж, -- канцэрт Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Трэба было бачыць, як глыбачане сардэчна прымалі прафесійных артыстаў, як падпявалі ім. Старшыня раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч ад імя ўсіх выказала шчырую падзяку гэтаму калектыву і ўручыла яго мастацкаму кіраўніку і галоўнаму дырыжору, заслужанаму артысту Беларусі, палкоўніку Уладзіміру Варапаеву кветкі і падарункі – кнігі, выдадзеныя да 600-годдзя горада Глыбокае.
Вянчала гэты важнейшы дзень узвышана-урачыстая дзея “Спяваем гімн разам” і святочны феерверк.
vg-gazeta.by
|