ТАДЭВУШ ДАЛЕНГА-МАСТОВІЧ
(польск.: Tadeusz Dołęga-Mostowicz,
псеўданім: Т.М.; 10 жніўня 1898, хут. Акунёва, цяпер Глыбоцкі раён — верасень
1939) — пісьменнік, журналіст.
Бацька Тадэвуша — Стэфан, арандаваў маёнтак,
дзе вёў узорную гаспадарку, якая лічылася адной з лепшых у акрузе. Пазней сям'я
перабралася ў Глыбокае. Глыбоцкі дом Мастовічаў быў на вуліцы Кракаўскай (цяпер
на тым месцы дом № 2 па вул. Савецкай). Пачатковую
адукацыю атрымаў дома, потым вучыўся ў Віленскай гімназіі, якую скончыў у 1915 г. У час вучобы ў
гімназіі ўдзельнічаў у нелегальных патрыятычных арганізацыях. У час вучобы ў
Кіеўскім універсітэце быў членам польскай ваеннай арганізацыі. У час
Грамадзянскай вайны, у 1919 годзе Т. Даленга-Мастовіч дабраахвотнікам пайшоў у
польскую армію, дзе служыў да 1922 года. З 1922 жыў у Варшаве, у 1922-1926
супрацоўнік, а потым рэдактар газеты «Rzecz Pospolita», займаўся літаратурнай
творчасцю. Ужо ў пачатку 1925
г. на старонках гэтай газеты з'яўляюцца артыкулы і
фельетоны, падпісаныя псеўданімам Т.М.. У тым жа 1925 з'яўляюцца і першыя
апавяданні. У 1926 пісаў пад новым псеўданімам – Далэнга. У гэты час пачынаецца
яго кар'ера як журналіста, фельетаніста, пісьменніка. Т. Даленга-Мастовіч
актыўна выступаў супраць рэжыму Ю. Пілсудскага, у з'едлівых гумарэсках выкрываў
антыдэмакратычную дзейнасць уладаў, за што аднойчы быў схоплены на вуліцы і
жорстка збіты.
У
час 2-й сусветнай вайны Т. Даленга-Мастовіч паблізу румынскай граніцы
арганізаваў міліцыю, якая ў адсутнасць улады забяспечвала грамадскі парадак і
бяспеку жыхароў мястэчка Куты. Трагічна загінуў у верасні 1939 г. пры невядомых
акалічнасцях. Па адной з версій, пры выездзе з мястэчка ён быў ва ўпор
расстраляны савецкім салдатам. Па іншай версіі, ён загінуў пад Львовам ад
шалёнай кулі.
Пісаў
на польскай мове. У 1924 пачаў пісаць вялікія творы. Вядомасць прынёс першы
раман — «Кар'ера Ныкадыма Дызмы» — вострая сатыра на грамадска-палітычнае жыццё
Польшчы часоў рэжыму Ю. Пілсудскага, падзеі рамана адбываецца ў Заходняй
Беларусі. У 1932 надрукаваныя аповесці «Ківоны», «Чэкі без аплаты», «Пракурор
Аліцыя Горн» — у творах дадзеная характарыстыка палітычных з'яваў тагачаснай
Польшчы, жыцця мяшчанскага асяроддзя. Аўтар раманаў «Браты Дальч і Ко» (1933),
«Свет пані Маліноўскай» (1934), «Знахар» (1937), «Прафесар Вільчур» і «Дзённік
пані Ганкі» (1939) і інш.
У
1934 пачынаецца супрацоўніцтва Т. Даленга-Мастовіча з кінематографам. Да 1939 з
16 яго твораў было экранізавана 8. Найбольш папулярныя творы-сцэнарыі для
фільмаў: «Іх дзіця», «Тры сэрцы», «Прафесар Вільчур». Беларускім гледачам
найбольш вядомы фільм «Знахар».
У 1978 г. Т. Даленга-Мастовіч
былў перапахаваны ў Варшаве. У Глыбокім на доме № 2 па вул. Савецкай у памяць
Т. Даленга-Мастовіча ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
|