У Глыбокім прайшоў Дзень беларускага
пісьменства
Дзевятнаццатае
рэспубліканскае Свята беларускага пісьменства, права правядзення якога былі
ўдастоены глыбачане, завяршылася. Свята, якое мы ўсе так чакалі і да якога
настойліва і шчыра рыхтаваліся, адгуло, адзвінела, адспявала і стала каштоўным
здабыткам гісторыі.
Цудоўнае, непаўторнае, урачыстае дзейства адбывалася ў нашым слаўным горадзе
Глыбокае. Гэтыя першавераснёўскія дні былі напоўнены шматлікімі, яркімі,
незабыўнымі падзеямі, цёплымі сяброўскімі сустрэчамі, маляўнічымі
мерапрыемствамі, канцэртамі, гульнямі і забавамі. Пра ўсё самае адметнае, што
адбывалася на свяце, прысвечаным Дню беларускага пісьменства, мы пастараемся
расказаць на старонках газеты. І пачнём свой аповед з самых кульмінацыйных дзеяў:
адкрыцця свята і яго завяршаючых акордаў.
Найперш зазначым, што важнейшай асаблівасцю свята
беларускага слова ў Глыбокім стала ўслаўленне яе вялікасці Кнігі. На плошчах і
вуліцах горада, на сцэнічных пляцоўках урачыста і ўзвышана гучаў гімн Кнізе –
красамоўны гімн зямлі беларускай. Як цудоўна, што ў яго выкананні галоўная роля
адводзілася дзецям, самым юным аматарам чытання. Без іх, мусіць, не
абыходзілася ніводнае мерапрыемства. Нездарма і ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця
свята галоўную ролю вядучага свята – маленькага прафесара — выконваў юны
мінчанін. Яго звонкі галасок літаральна зачароўваў.
А пачыналася святочная дзея з урачыстага шэсця "З крыніц жыватворных Глыбоцкага
краю”. Затым з галоўнай сцэны ўсіх удзельнікаў рэспубліканскага свята віталі намеснік
прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы
і правядзенні Дня беларускага пісьменства Анатоль Тозік, старшыня Віцебскага
абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Косінец, епіскап Барысаўскі, вікарый
Мінскай епархіі Веніямін, намеснік дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза
і старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Морхат. Шмат шчырых, пранікнёных
слоў было імі сказана.
Перш чым абвясціць аб афіцыйным адкрыцці Анатоль Афанасьевіч Тозік зачытаў
прывітальныя словы ўдзельнікам свята ад Прэзідэнта краіны Аляксандра Рыгоравіча
Лукашэнкі, а затым выказаў цёплыя словы падзякі аблвыканкаму і асабіста яго
старшыні Аляксандру Косінцу, Глыбоцкаму райвыканкаму і яго старшыні Алегу
Морхату, усім міністэрствам і ведамствам, працоўным калектывам, жыхарам раёна,
якія былі задзейнічаны ў падрыхтоўцы і правядзенні святочных мерапрыемстваў.
Узнёслыя, задушэўныя словы прагучалі з вуснаў губернатара нашай вобласці
Аляксандра Косінца.
- У пяты раз Віцебшчына прымае рэспубліканскае свята,
прысвечанае Дню беларускага пісьменства,— зазначыў Аляксандр
Мікалаевіч.—Сапраўды, спачатку было слова, а пасля ўжо, канечне ж, — кніга. І
першая кніга была надрукавана менавіта на віцебскай зямлі ў 1517 годзе
Францыскам Скарынам. Асветніцкую дзейнасць прадоўжылі Еўфрасіння Полацкая і
Сімеон Полацкі. Важкі ўклад у развіццё беларускай літаратуры нашых
пісьменнікаў-землякоў Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава. І мы сёння свята
беражом гэту дарагую спадчыну.
Пра тое, якое вялікае значэнне мае Свята беларускага пісьменства ў нашым
духоўным жыцці, пра тое, што наша Беларусь – краіна высокаадукаваных людзей —
займае пачэсны пасад між народаў, гаварылі на свяце епіскап Барысаўскі, вікарый
Мінскай епархіі Веніямін і дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза.
Сардэчна вітаў удзельнікаў свята кіраўнік нашага раёна Алег Морхат. Адзначыўшы
багатыя духоўныя, гістарычныя здабыткі жыхароў Глыбоччыны, назваўшы імёны
знакамітых людзей краю, Алег Віктаравіч падзякаваў кіраўніцтву краіны і
вобласці і ўсім людзям, намаганнямі якіх Глыбокае непазнавальна змянілася, стала
адным з прыгажэйшым гарадоў Прыдзвіння. Ён пажадаў усім цікавых сустрэч на
свяце, карысных дыялогаў, творчага ўзлёту, душэўнай радасці, шчырых пачуццяў і
незабыўных уражанняў.
І сапраўды, усяго гэтага ставала на свяце ў Глыбокім. Тэатралізаваная дзея "Вытокі
духоўнасці” засведчыла, з якой любоўю на Глыбоччыне і ў рэспубліцы нашай
ставяцца да роднага слова, да кнігі – крыніцы ведаў. Незабыўнымі момантамі
гэтай дзеі сталі: і сяброўская сустрэча юнага вядучага з глыбоцкім гімназістам,
аўтарам сайта, прысвечанага Дню беларускага пісьменства, Уладзіславам
Лаўцэвічам, і вобразныя дыялогі рарытэта, сучаснай друкаванай кнігі і
электроннай, а таксама згадкі пра стогадовыя юбілеі: з дня нараджэння Максіма
Танка, з часу выхаду першай кнігі апавяданняў Якуба Коласа і напісання Янкам
Купалам камедыі "Паўлінка”, якая не сыходзіць са сцэны па сённяшні дзень
(дарэчы, урывак са спектакля цудоўна сыгралі на святочнай сцэне вядучыя артысты
Нацыянальнага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы). А колькі радасных
імгненняў падарылі пісьменныя кампазіцыі ў выкананні вядомых артыстаў краіны.
Магутная, шырокая, нябачная хваля святочнай радасці ад галоўнай сцэнічнай
пляцоўкі хлынула на шматлікія падворкі і тракты, а таксама ў дамы ўсіх
глыбачан. А пасля ўжо, вечарам, наталіўшыся ўзвышанай святочнай атмасферай,
глыбачане і госці горада зноў сабраліся на Цэнтральнай плошчы для ўдзелу яшчэ ў
адной урачыстай цырымоніі – перадачы святочнай эстафеты новай сталіцы Дня
беларускага пісьменства.
З заключным прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася намеснік міністра
інфармацыі Рэспублікі Беларусь Лілія Ананіч:
— Свята пакідае пасля сябе не толькі абноўлены горад, але і
самае галоўнае—светлыя мары на будучае,— зазначыла яна.—Мы неаднойчы будзем
перагортваць гэтыя старонкі з надзеяй на тое, што яно, гэтае свята, і надалей
будзе крочыць па розных мясцінах роднай Беларусі. Давайце ж яшчэ раз надыхаемся
гэтым цудоўным глыбоцкім кніжным святочным паветрам!
Затым старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат
падзякаваў усім, хто набліжаў гэтае свята, якое аб’яднала нас духоўна ў
агульных памкненнях зрабіць родную сінявокую Беларусь найпрыгажэйшай краінай
свету.
І вось ён, завяршаючы афіцыйны ўрачысты акт перадачы
спецыяльнага эстафетнага вымпела! "Дзякуй табе, гасціннае Глыбокае! Да сустрэчы
ў сталіцы Дня беларускага пісьменства-2013 – у горадзе Быхаве!”
Шмат радасных, непаўторных імгненняў падарыў гала-канцэрт з
удзелам вядомых майстроў мастацтваў рэспублікі. А потым начное неба над возерам
Кагальнае расквецілася рознакаляровымі агеньчыкамі феерверка: "Бывай,
дзевятнаццатае Свята беларускага пісьменства! Да новай сустрэчы на юбілейных
урачыстасцях, прысвечаных 600-годдзю роднага Глыбокага!”
Анатоль ЗІНКЕВІЧ.
Фота А. АДЭДЭДЖЫ.
http://vg-gazeta.by/index.php/Культура/
|