На Глыбоччыну прывезлі Благадатны Агонь
З благаславення Высокапраасвяшчэнства Мітрапаліта Мінскага і
Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі з 29 жніўня па 2
верасня праводзілася Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарога да
Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, якая ўжо стала арганічнай
састаўной часткай святкавання ў рэспубліцы Дня беларускага пісьменства. Перш,
чым трапіць у сталіцу сёлетняга свята – у наш слаўны горад Глыбокае, удзельнікі
экспедыцыі пераадолелі ні адну сотню кіламетраў. Гэтае духоўна-асветніцкае
паломніцтва было напоўнена мноствам адметных падзей і непаўторных сустрэч.
Па маршруце следавання праходзілі
ўрачыстыя мітынгі-сустрэчы, у храмах, ля капліц і Крыжоў, былі адслужаны Падзячныя малебны і Ліціі, паўсюль да
Святыняў ладзіўся Хрэсны ход, Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга асвячаліся
сацыяльныя і адукацыйныя ўстановы, помнікі славы і мужнасці, высаджваліся сады
Малітвы, у капсулах, вышываных мяшэчках перадавалася зямля для пасадкі дрэўцаў
у садзе Малітвы сталіцы Дня беларускага пісьменства.
З Непагаснай Лампадай Духоўнасці з
Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга, якую нёс галоўны яе захавальнік,
мітрафорны протаіерэй кафедральнага Свята-Духава сабора Сергій Гардун, пад
вадзіцельствам Адзігітрыі
(Шляхаводнай) цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрову Прасвятой
Багародзіцы дзевятнаццатая навукова-асветніцкая экспедыцыя "Дарогі да Святыняў”
з Мінска праходзіла па наступным маршруце: Святое Поле каля вёскі Загор’е
Сталавіцкага сельсавета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці – вёскі станцыя
Лясная і Моўчадзь Баранавіцкага раёна – г. Талачын Віцебскай вобласці – г. п.
Багушэўск Сенненскага раёна, г. п. Ліёзна – г. п. Езярышча Гарадоцкага раёна –
г. п. Ула Бешанковіцкага раёна – г. п. Асвея Верхнядзвінскага раёна.
На зямлі Глыбоччыны ўдзельнікаў
экспедыцыі першымі сустракалі жыхары Празарок, нашчадкі заснавальніка
беларускага тэатра Ігната Буйніцкага. Пасля ўрачыстай сустрэчы-мітынга ўсе
Хрэсным ходам кіраваліся ў царкву святых першавярхоўных апосталаў Пятра і
Паўла. Быў адслужаны Падзячны малебен і перададзены Благадатны агонь на свечкі
прыхаджан, адбылася пасадка сада Малітвы, прайшла навукова-асветніцкая
канферэнцыя "Заснавальнікі беларускага тэатра Ігнат Буйніцкі і Уладзіслаў
Галубок”, тэматычная канцэртная праграма.
Глыбачане і госці сталіцы дзевятнаццатага
рэспубліканскага свята, прысвечанага Дню беларускага пісьменства, сустракаючы
Благадатны Агонь ад Гроба Гасподняга, атрымлівалі ні з чым непараўнальныя
ўражанні ад Хрэснага хода, пасадкі ў садзе Малітвы 19 маладзенькіх дрэўцаў з
падсыпкай зямлі, перададзенай з усіх мясцін экспедыцыйнага маршруту і, канешне
ж, ад прысутнасці ў кафедральным саборы Ражджаства Прасвятой Багародзіцы на
святочнай Божай Літургіі.
Узвышаныя хвалюючыя пачуцці перапаўнялі сэрцы непасрэдных удзельнікаў
Экспедыцыі "Дарога да Святыняў”, сярод якіх былі прадстаўнікі духавенства,
вядомыя дзеячы літаратуры і мастацтва, журналісты, педагогі. Пра гэта і
сведчыла нязменны кіраўнік, заслужаны работнік культуры нашай краіны, лаўрэат
прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне”, пісьменніца
Ніна Сямёнаўна Загорская.
— Мы адчувалі вялікую радасць і дзіўны
прыліў сіл, — адказала Ніна Сямёнаўна. – Урачысты малітоўны настрой яднаў нас.
Экспедыцыя дала магчымасць убачыць родную Беларусь, адчуць духоўную еднасць
народа, у першааснове якой – наша Праваслаўная вера і наша мова.
А. ВІНІКОВІЧ.
Фота Алены АДЭДЭДЖЫ.
http://vg-gazeta.by/index.php/Культура/
|