Аржаны хлеб Сцепаніды з
Глыбоччыны занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі
фота Н.Нікіфаровіч "НС"
Імя пенсіянеркі
Сцепаніды Аляксандраўны Лупач з вёскі Дзеркаўшчына, што на Глыбоччыне, нядаўна
стала вядома ўсёй краіне. І прычынай таму… хлеб. Жанчына не толькі зберагла
рэцэпт выпечкі аржанога дамашняга хлеба, але і перадае свае набыткі нашчадкам.
У мінулым месяцы аржаны хлеб Сцепаніды Лупач быў занесены ў Дзяржаўны спіс
гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У чым сакрэт? Па-першае,
ні ў якім разе да выпечкі хлеба Сцепаніда Аляксандраў- на не прыступае ў
дрэнным настроі. Ну а сам працэс прыгатавання нагадвае ўрачысты рытуал з
захаваннем народных традыцый:
– Мой хлябок дзён восем не чарсцвее, –
зазначае сялянка. – А сакрэт у тым, што я ведаю, як прапорцыю прадуктаў
захаваць. Якога памолу муку ўзяць, як зрабіць закваску і як лепей вымесіць!
Канечне, чытачу хочацца
ведаць, хто ж такая Сцепаніда Лупач. Родам жанчына з Палесся, з хутара Паўлава,
што на Берасцейшчыне. У бацькоў было шасцёра дзяцей. У пошуках лепшай долі
падаліся ажно на Урал, але неўзабаве вярнуліся. Праўду кажуць, што добра там,
дзе нас няма. У вёску Дзеркаўшчына Сцепаніда прыехала да стрыечнай сястры, ды і
засталася тут. Працавала нейкі час на цагельным заводзе, прадаўцом,
рахункаводам у сельскім Савеце, кухарам у школе, памочнікам кінамеханіка,
прыбіральшчыцай у сельскім клубе. Потым з прыбіральшчыцы Заварацкага клуба
становіцца адразу яго… загадчыцай.
З гэтым даволі нечака
ным прызначэннем змя нілася і жыццё жыхароў навакольных вёсак. Традыцыйнымі
сталі вячоркі, святы вёсак, выставы творчасці народных майстроў, канцэрты
мастацкай самадзейнасці.
Пасля закрыцця сельскага клуба Сцепаніда
яшчэ два гады працавала ў Дзеркаўшчынскай бібліятэцы. Яна не чакала чытачоў у
цёплым пакоі, а сама ішла з сумкай, напоўненай кнігамі, у самыя аддаленыя
вёскі: Альховікі, Сазонаўшчыну, Волкаўшчыну. Яна была іх інфарматарам і проста
добрым спагадлівым дарадчыкам, чалавекам, які заўсёды адгукнецца на чужую бяду.
Нядзіўна, што менавіта Сцепаніда стала
ініцыятарам, а потым і галоўным арганізатарам будаўніцтва царквы Святога
Панцеляймона ў Дзеркаўшчыне: збірала грошы, даставала будаўнічыя матэрыялы, дамаўлялася
з рабочымі. На адкрыццё царквы прыехаў сам архіепіскап Полацкі і Глыбоцкі
Феадосій, які выказаў сялянцы асаблівую падзяку.
Ну і вядома, чым бы
Сцепаніда Аляксандраўна ні займалася, ніколі не забывалася пра сваё «хобі» –
выпечку хлеба.
– Шаснаццаць гадоў як я
на пенсіі, – кажа яна, – але гэтай справе ніякі ўзрост не перашкаджае. Я з
маладосці захапілася ёй. Ад маці перадалося. Дзяцей было многа, і маці часта
пякла нам булкі, пончыкі. Ну а хлеб у яе быў самы смачны. Ля маці я навучылася
рашчыняць цеста, мясіць яго. Калі сваю сям’ю займела, таксама захацелася дзяцей
смачным печывам парадаваць. Далей – болей. Пачала пячы для вясельных
сталоў, для раённых свят, прыёму дэлегацый.
«Хлебнай справе» Лупач навучыла сваіх
дочак – настаўніцу Галіну Баброўскую і прадаўца Валянціну Гіголу, а таксама
ўнукаў – студэнтак Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталю Баброўскую,
Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Танка Яну Баброўскую і вучня
Дзеркаўшчынскай СШ Аляксандра Баброўскага. Майстрыца шчодра дзеліцца сваімі
сакрэтамі. У Дзеркаўшчынскім цэнтры культуры і раённым метадычным цэнтры
сабраны багаты фота- і відэаматэрыял па старадаўніх рэцэптах, якія
выкарыстоўвае Сцепаніда для прыгатавання хлеба, булак, артуса, раўгені, квасу.
Сцепаніда Лупач з’яўляецца актыўнай
удзельніцай міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемстваў:
«Квітней, Глыбоччына!», нацыянальнай кухні «Беларускія прысмакі», фестывалю
«Славянскі базар у Віцебску», Дзён культуры Віцебскай вобласці ў Мінску. Яе
хлеб вазілі ў Іерусалім, клалі да Гроба Гасподня. Потым бохан дзялілі і
раздавалі паломнікам.
…Работнік раённага
метадычнага цэнтра Наталля Нікіфаровіч, якая рыхтавала паперы па прадстаўленню
выпечкі аржанога хлеба Сцепанідай Лупач на камісію Міністэрства культуры і не
адзін дзень правяла побач з майстрыцай, прыгадвае:
– Нараджэнне хлеба –
заўсёды цуд! Галоўнае – мець цярпенне і любоў да справы, якую пачынаеш. Разам
са Сцепанідай Аляксандраўнай мы гатавалі рошчыну, замешвалі цеста, раскладвалі
ў формы і ставілі ў печ. А потым з нецярпеннем чакалі, калі будзе гатовы. І
вось ён! Па ўсёй хаце разносіцца водар: нейкі незвычайны і таямнічы. Сцепаніда
Аляксандраўна абмывае хлеб халоднай вадой і накрывае ручніком, каб астыў. Хлеб
– святы!.. Нібы жывы!...
У. САУЛІЧ 12 лютага 2013
http://vitnews.by/
|