Глыбоцкі
НАРОДНЫ ТЭАТР фальклору «Цярэшка» адзначае двайны юбілей
25 лістапада адбудзецца святочны вечар,
прысвечаны 15-годдзю з дня нараджэння калектыву і 10-годдзя з дня прысваення
яму звання "народны".
Пятнаццаць гадоў таму гэта быў
звычайны фальклорны калектыў пры арганізацыйна-метадычным цэнтры Глыбоцкага
аддзела культуры, які выпадкова выйграў «шчаслівы» білет: яго запрасілі на
сталічнае тэлебачанне. У папулярнай на той час праграме "запрашаем на
Вячоркі» глыбочане паказалі даўні абрад "Жаніцьба Цярэшкі". І з таго
часу сталі вядомыя як «цярэшкаўцы».
25 лістапада народны тэатр
фальклору «Цярэшка» адзначае двайны юбілей: 15-годдзе з дня нараджэння і
10-годдзе з дня прысваення калектыву звання "народны". Да гэтай даты
Глыбоцкія артысты рыхтуюць для прыхільнікаў сваёй творчасці святочную вечарыну.
- Гэты год для нас у творчым
плане быў плённым, - распавяла Край.бай кіраўнік тэатра фальклору Наталля
Нічыпаравіч. - Мы ўпершыню ўдзельнічалі ў канцэрце на цырымоніі ўзнагароджання
«Чалавек года» ў Віцебску. Былі на свяце "Дзве сястры - Беларусь і Расія»
ў Даўгаўпілсе (Латвія). Апынуліся ў ліку лепшых на VІІ Рэспубліканскім
фестывалі фальклору «Берагіня», што праходзіў на Гомельшчыне. Як і кожны год,
адпрацавалі праграму на «Славянскім базары», дзе ў нас ужо ёсць свой сталы
глядач. Удзельнічалі ў адкрыцці Рэспубліканскага свята пісьменства ў Глыбокім,
песнямі і танцамі сустракалі шматлікіх гасцей, якія прыязджалі ў раён на
творчыя семінары.
Увесь рэпертуар тэатра -
беларускамоўны. Ёсць у ім творы і сваіх, глыбоцкіх, аўтараў. А гэта заўсёды
добрая рэклама не толькі творчасці выканаўцаў, але і паэтаў, кампазітараў. У
такім творчым тандэме і горы, як кажуць, згарнуць можна.
Лілія ВЕТРАВА
http://kraj.by/glubokoe/news/kultura/-glubokskiy-narodniy-teatr-folklora-tsyareshka-otmechaet-dvoynoy-yubiley-2012-11-15
|