Ігнат Буйніцкі
Беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага
прафесійнага тэатра.
Нарадзіўся 10 жніўня (22 жніўня) 1861 года
ў маёнтку Палевачы Празароцкай воласці ў сям’і дробнага шляхціца. Скончыў
Рыжскае землямернае вучылішча, вучыўся у прыватнай драматычнай студыі ў Вільні.
Працаваў у родных мясцінах каморнікам. У 1907 г. у сваёй сядзібе ў Палівачах (каля
Празарокаў) заснаваў самадзейны тэатр, дзе спачатку прымалі ўдзел яго сваякі.
Тэатр даваў канцэрты і спектаклі ў Палівачах, Празароках і навакольных вёсках.
Вывучаў беларускія песні, танцы, народнае адзенне.
У
Вільні 12 лютага 1910 г.
тэатр Буйніцкага прыняў удзел у прадстаўленні, якое ўвайшло ў гісторыю пад
назвай «Першая беларуская вечарынка ў Вільні». Выступленне танцавальнай трупы
Буйніцкага мела на гэтай вечарыне каласальны поспех. Разам з новымі
драматычнымі акцёрамі і спевакамі трупа стала прафесійнай і атрымала назву
«Першая беларуская трупа» або «Тэатр Ігната Буйніцкага». У 1910—1913 г. тэатр
гастраляваў па Беларусі (Мінск, Слуцк, Полацк), двойчы выступаў у Пецярбургу
(1911, 1912), а таксама ў Варшаве (1913).
І. Буйніцкі
падтрымліваў свой тэатр ўласнымі сродкамі. У рэпертуары тэатра былі песні,
танцы, невялікія сцэнкі, пастаноўкі п’есаў «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні»
Маркі Крапіўніцкага, «Хам» і «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшкі, «Міхалка»
братоў Далецкіх, «Сватанне» Антона Чэхава, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, Янкі
Купалы, Альберта Паўловіча і інш. У большасці гэта былі пастаноўкі
І.Буйніцкага, таксама ён іграў у ролях: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні»,
«Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У
зімовы вечар» Ажэшкі). І.Буйніцкі меў сяброўскія і творчыя кантакты з Янкам
Купалам, Якубам Коласам, Элізай Ажэшкай, Змітраком Бядулем, Цёткай (якая сама
ўдзельнічала ў спектаклях трупы як актрыса). Яшчэ пры жыцці яго называлі
бацькам беларускага тэатру. Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на
сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і
прыгажосць беларускіх народных танцаў. Як драматычны акцёр выступаў пераважна ў
характарных ролях, умела выяўляў гумар і тонкую іронію.
Тэатру ўвесь час даводзілася пераадольваць прыдзіркі цэнзуры і ўсялякія
перашкоды мясцовых уладаў, якія бачылі ў дзейнасці трупы пагрозу
вялікадзяржаўнай палітыцы царызму. З-за матэрыяльных цяжкасцяў і ўціску
царскіх уладаў у 1913 г.
дзейнасць трупы была спыненая.
У 1914 г. Буйніцкі паспрабаваў
стварыць новую трупу, аднак 1-я сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэтую
задуму. У пачатку 1917 г.
Буйніцкі з’явіўся ініцыятарам арганізацыі прафесійнага тэатра ў Мінску –
Першага беларускага таварыства драмы і камедыі. У час 1-й сусветнай вайны быў
на вайсковай службе ў Маладзечне. Памёр на сцэне ў час рэпетыцыі, займаючыся
салдацкай мастацкай самадзейнасцю. Быў пахаваны на мясцовых могілках,
перазахаваны ў Празароках на цэнтральнай плошчы. Сядзіба Ігната Буйніцкага,
якая знаходзілася за чыгуначным пераездам Палівачы, не захавалася.
У в. Празарокі ў будынку сярэдняй школы створаны музей заснавальніка
беларускага тэатра (адкрыты ў 1982
г.), дзе прадстаўленыя афішы спектакляў, здымкі трупы,
лісты Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, успаміны празароцкіх старажылаў. У
скверы — магіла Ігната Буйніцкага і помнік яму (устаноўлены ў 1975 г.; скульптар І.
Міско).
|