Язэп Драздовіч
Язэп Драздовіч -нарадзіўся 1 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі ў сям’і збяднелага
шляхціца – арандатара. У два гады застаўся без бацькі, яго і пяцёра братоў
выхоўвала маці Юзэфа, неўзабаве сям’я засталася без зямлі і дома. Вучыўся ў
прыватнай настаўніцы, пасля скончыў Віленскую школу малявання (1908). У 1910 –
1914 служыў у арміі, дзе скончыў фельчарскія курсы, у 1-ю сусветную вайну – на
Заходнім фронце. Пасля звальнення з арміі з-за стану здароўя жыў у сваякоў на
Дзісеншчыне ў фальварку Лявонаўка каля в. Германавічы, пасылаў у «Нашу Ніву»
артыкулы пра клопаты хлебаробаў-землякоў.
У 1919 працаваў у
Беларускім літаратурна-выдавецкім аддзеле пры Камісарыяце асветы БССР. У 1919 –
1920 у Мінску: мастак-дэкаратар у «Беларускай хатцы», Беларускім дзяржаўным
тэатры; у 1919 арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка», якое
адкрывала школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай
гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як
ілюстратар. Пасля вяртання на Дзісеншчыну, якая паводле Рыжскага дагавора
(1921) адышла да Польшчы, у 1921 – 1924 – кааператар, у 1921 – 1922 спрабаваў
арганізаваць на радзіме беларускія школы. У 1924 – 1926 выкладаў маляванне ў Глыбоцкай
польскай школе, актыўна супрацоўнічаў з ТБШ. Працаваў у Радашковіцкай
беларускай гімназіі імя Ф. Скарыны. У 1926 – 1927 супрацоўнічаў у сатырычным
часопісе «Маланка». У 1927 заснаваў мастацкую студыю пры Віленскай беларускай
гімназіі. У 1927 – 1929 выкладаў маляванне ў Навагрудскай беларускай гімназіі,
вёў работу па зборы экспанатаў для Віленскага беларускага музея. У 1931 – 1939
– вандроўны мастак. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР вучыўся на
настаўніцкіх курсах і ў 1940—1941 працаваў настаўнікам малявання і батанікі ў
Глыбокім і Лужках. Памёр Я. Драздовіч у Падсвільскай бальніцы 15 верасня 1954.
У музеі народнай творчасці, што створаны ў мясцовай сярэдняй школе размешчаны
яго карціны, дываны, графічныя работы, матэрыялы пра жыццё і творчасць майстра.
Пахаваны ён на могілках паміж вёскамі Ліпляны і Малыя Давыдкі. У 1982 на магіле
ўстаноўлена стэла з барэльефам «вечнага вандроўніка» (скульптар А. Шатэрнік).
Кола інтарэсаў Язэпа Драздовіча было надзвычай шырокім: гісторыя,
археалогія, этнаграфія, літаратура, астраномія. Ён запісваў фальклор і
апрацоўваў для слоўнікаў народную лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны, склаў зборнік
«Песні Дзісеншчыны». Пісаў вершы, прозу, вёў дзённікі. У 1923 у Вільні была
надрукаваная першая частка яго аповесці «Вар’ят без вар’яцтва». Большасць яго
твораў, у т.л. паэма «Трызна мінуўшчыны», прысвечаная старажытнай Полаччыне, і
гістарычная аповесць «Гарадольская пушча», апавяданне «Сон Гараноса» з яго
ілюстрацыямі засталіся ў рукапісах. Падзеі ў аповесці «Гарадольская пушча» адбываюцца
на роднай яму Дзісеншчыне ў 13 ст. У Вільні пад псеўданімам Я. Нарцызаў выдаў
кніжку «Пабрацімцы і вялікая шышка» (1923). У Свіры, пазней у родных мясцінах
праводзіў археалагічныя даследаванні. У ненадрукаванай працы «Дзісенская
дагістарычная старына» апісаў 30 археалагічных помнікаў. Адкрыў некалькі
стаянак каменнага і бронзавага вякоў, шмат каменных крыжоў, сабраў калекцыю
каменных сякер. У выніку археалагічных пошукаў напісаў працу «Дзе знаходзяцца
Дудуткі і Гародня». Дзённікі Я. Драздовіча, якія ён вёў у 1930 – 1950-я,
надрукаваны ў 1991 («Маладосць» № 5-12). Аўтар навукова-папулярнай брашуры па
астраноміі «Нябесныя бегі» (1931). Але найбольш Я. Драздовіч вядомы як мастак.
Першыя малюнкі Я. Драздовіча – «Трызна
мінуўшчыны», «Брама будучыні» зробленыя ў 1907 пад уплывам М. Чурлёніса.
Сімвалічны сэнс мелі і зробленыя мастаком вокладкі «Беларускага календара на
1910», кнігі К. Буйло «Курганная кветка» (1914), «Школьнага спеўніка» А.
Грыневіча (1920), і інш. З самага пачатку сваёй творчай дзейнасці выкарыстоўваў
гістарычныя рэаліі і матывы. Намаляваў у рэалістычным характары серыю графічных
краявідаў «Дзісеншчына» з сялянскімі сядзібамі і палеткамі, у карцінах гэтай
серыі мастак даў паэтычны вобраз роднага краю («Стадолішча», «Вёска Лаўрынаўка»,
«Гараватка», «Пунькі», «Александрыя», «Стары вадапуск», «Над Дзісёнкай» і
інш.). У кан. 1910 – пач. 1920-х графічныя серыі «Старажытны Мінск», «Заслаўе»,
«Старажытная будоўля на Беларусі», «Вежа Празор», «Мінск, Высокае месца»,
«Месца ўпадзення Нямігі ў Свіслач». Графічныя малюнкі Я. Драздовіча ўпрыгожылі
падручнік геаграфіі А. Смоліча. На мяжы 1910 – 1920-х зрабіў графічныя партрэты
полацкіх і смаленскіх князёў, у т.л. Усяслава Чарадзея, жывапісныя карціны
«Спаленыя сядзібы», «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя»,
«Пагоня Ярылы», альбом графікі «Глыбокае». У гэты час Я. Драздовіч склаўся як мастак
гістарычнай тэмы. У 2-й пал. 1920-х стварыў вялікія графічныя серыі (па 14 – 16
лістоў) «Глыбокае», «Піншчына», «Мір», «Любча», «Шчорсы», «Навагрудак і
Навагрудчына», «Ліда», «Крэва», «Гальшаны», «Баруны», «Трокі», «Меднікі»,
«Кушляны», «Жупраны», прысвечаныя гарадзішчам, замкам і культавым збудаванням,
жывапісныя партрэты Ф. Скарыны і Ф. Багушэвіча. У гэты час шмат вандраваў па
Дзісеншчыне, Піншчыне, дзе рабіў графічныя замалёўкі, збіраў этнаграфічныя
матэрыялы для «Беларускага этнаграфічнага слоўніка». У 1927 і 1-й пал. 1940-х
напісаў некалькі карцін і акварэлей, прысвечаных Ф. Скарыне. Па матывах «Слова
пра паход Ігаравы» напісаў карціну «Песня Баяна». У 1940 – 1946 натхнёны
гераічнай барацьбой народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны вяртаецца да матываў
мінулага – карціны «Палачане выганяюць князя», «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй»,
«Пярсцёнак Усяслава Чарадзея». Я. Драздовіч – пачынальнік (у пач. 1930-х)
касмічнай тэмы ў выяўленчым мастацтве: серыі «Жыццё на Марсе», «Артаполіс»,
«Жыццё на Венеры» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (1932),
«Космас» (1940). Маляваў насценныя дываны, адметныя арыгінальнай пабудовай
кампазіцыі (сюжэтны малюнак у цэнтры з расліннай абмалёўкай). Працаваў у галіне
скульптуры: бюст Ф. Скарыны (1916), «Плач Гарыславы» (выява полацкай княжны
Рагнеды, 1916), партрэты-барэльефы М. Машары, А. Грыневіча, Я. Пачопкі, сваёй
маці.
|