Майстар кавальскіх спраў –
Аляксандр Сяргеевіч Дубіна
Дзяцінства
Аляксандр Дубіна стаў кавалём не па спадчыне, па абставінах, якія склаліся
ў жыцці і па
нейкай падсвядомай цязе да металу. Нарадзіўся ён на Глыбоччыне ў вёсцы
Запруддзе 11 жніўня 1953года. Бацька
майстра: Сяргей Уладзіміравіч меў адукацыю садавода і агародніка, але ўсё жыццё
разам з жонкай, Ганнай Дзям’янаўнай, працавалі прадаўцамі ў магазіне. А дома
гаспадаркай займаліся дзеці Аляксандар і Таісія (1956 г. нараджэння). Брат з
сястрой правялі ўсё дзяцінства разам: збіралі
бацвінне, даглядалі вялікую гаспадарку (куры, трусы, качкі, карова, свінні),
збіралі лекавыя расліны, працавалі ў поле, дапамагаючы адзін аднаму, яны не
баяліся ніякай працы. "Маленькі Саша любіў будаваць лодачкі з дрэва або, як
тады называлі, дубніцы. Любіў гуляць ў "вайну” з сябрамі, ўяўляючы сябе то
разведчыкам, то партызанам, - успамінае сястра, – а яшчэ яму падабалася рабіць
парашуцікі, ён іх вырабляў з тканіны і запускаў з дрэва. Сталася так, што не
знайшоўшы патрэбнага матэрыяла, Саша ўзяў у якасці "працоўнай тканіны” маміну
спадніцу, пасля ў яго надоўга прапала жаданне вырабляць гэтыя парашуцікі.” Яшчэ з самага маленства Аляксандр Сяргеевіч
хацеў маляваць, і ў яго гэта вельмі добра атрымоўвалася, ён любіў зрысоўваць розныя выявы з паштовак,
часопісаў. Магчыма, ўменне маляваць перадалося па спадчынне Аляксандру
Сяргеевічу ад маці, якая таксама ў дзяцінстве гэтым займалася.
Аднойчы бацька, Сяргей Уладзіміравіч, па латарэйнаму білету выйграў
фотаапарат, і з тога дня рабіць фотаздымкі стала любімым заняткам
хлопчыка. Ён фатаграфаваў амаль усё і
ўсіх, знайсці фотаплёнку для бацькоў не складала вялікай цяжкасці. І паступова
з узроўня любіцеля Аляксандр перайшоў на
ўзровень прафесіянала. Ён умеў знаходзіць дзіўныя кадры, якія ўражвалі сваёй
непаўторнасцю.
Працавітасць і творчы падыход да любой справы захаваліся ў Сашы і тады,
калі ён пайшоў у школу. Вучыўся ён на "4-5”, актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці, а ў
свабодны ад заняткаў і работы час гуляў з сябрамі ў валейбол, быў захоплены
футболам.
"Саша вельмі
любіў чытаць, нават ноччу пад коўдрай з ліхтарыкам чытаў, - расказвае Таісія
Сяргееўна, - дужа любіў перачытваць казкі народнага гатунку. А калі прыходзіла
натхненне - пісаў вершы. Таксама ён добра ўмеў іграць на гітары, і ўвогуле, за
якую б справу ён не ўзяўся, у яго ўсё атрымлівалася”. Яшчэ ў дзяцінстве
Аляксандр Сяргеевіч разам са сваім
сябрам зрабілі тэлефоны з дапамогай бляшаных бутэлек, правадоў і інш. Яны
размясцілі гэтыя "тэлефоны ” дома і маглі весці перагаворы па ім паміж сабой.
Гэта было іх першым маленькім вынаходніцтвам.
Юнацкія гады
Так прайшло дзяцінства Аляксандра
Сяргеевіча ў вёсцы Запруддзе, затым прыйшло юнацтва. І паехаў Аляксандр
Сяргеевіч вучыцца ў Віцебскі палітэхнічны тэхнікум. Таісія Сяргееўна
прыпамінае: "У тэхнікуме Саша таксама актыўна ўдзельнічаў у шматлікіх
конкурсах, акцыях. Ён па жыцці быў энтузіяст і арганізатар. Таксама паспяваў не
толькі вучыцца, але і наведваць клюб вясёлых і знаходлівых. Нават быў назначаны
капітанам каманды”.
Недавучыўшыся два гады ў Віцебску,
А.С. Дубіна пераехаў у Мінск, дзе ўладкаваўся на працу
мастака-афарміцеля на трактарным заводзе. У 1971 годзе на вечарыне сустрэўся са
сваёй будучай жонкай, Бародзіч Вольгай Мікалаеўнай. Сама яна была родам з горада
Чэрвеня, а ў Мінску працавала прадаўцом. Пасля ў 1972 годзе пайшоў у армію. Служыў
у паветраных войсках горада Баранавічы. Працаваў пры штабе, там займаўся больш
чарцяжамі і розным мастацкім афармленнем. У арміі таксама пачаў займацца
чаканкай, нават прыслаў родным падарунак: зробленую з медзі карціну.
Пачатак сапраўднай творчасці
Вярнуўшыся з арміі, некаторы час зноў
пайшоў працаваць на Мінскі трактарны завод, затым працаваў у
тэатральна-мастацкім інстытуце вучэбным майстрам па мастацкай апрацоўцы метала,
чаканцы. У нас у Беларусі мастацкай коўкі не было. Настаўнік па Мінску –
Любімаў Юрый Міхайлавіч. Ён першы ў інстытуце арганізаваў аддзяленне мастацкай
апрацоўкі метала, коўкі і першы звярнуў увагу на гэта мастацтва. Аляксандр
Сяргеевіч таксама вырашыў паспрабаваць. "Менавіта тады да метала я прыкіпеў
душой”, - як сам гаварыў Аляксандр Дубіна. У той жа час першыя работы
Аляксандра былі ўвасоблены ў жыццё. Ён і яго вучні атрымалі першы заказ ад
Чырвонага касцёла ў Мінску, яны ўпрыгожылі храм кованымі жырандолямі,
балконамі, лесвіцамі, ліхтарамі і інш. А ў 23 жніўня 1974 годзе ў Мінску
адбылося вяселле Вольгі Мікалаеўны і Аляксандра Сяргееевіча.
У
1975 годзе пераехаў з сям’ёй у Глыбокае. 12 год аддаў малочнакансернаму
камбінату ў якасці мастака-афарміцеля. Нават эмблема завода была прыдумана і
распрацавана Аляксандрам Сяргеевічам.
Там жа, на заводзе, адкрыў першую ў Глыбокім фотастудыю, дзе ён
сам фатаграфаваў і праяўляў здымкі. Але,
канешне, не забываўся пра метал. На камбінаце яшчэ пры дырэктары Маслёнчанка кавальня была. Атрымаўшы
дазвол у свабодны час займацца любімай справай, прыходзіў туды ў 5-6 гадзін
раніцы, вечарам – пасля працы. Каваў патроху, чаканіў. "Не ведаю, хто рабіў усе
гербавыя выявы на Доме Саветаў, але першая чаканка герба БССР была бацькавай
работы”, расказвае Дзяніс Аляксандравіч (26.08.1975г. нараджэння).
У свае няпоўныя 24 гады Аляксандр Сяргеевіч распачаў будаўніцтва ўласнага
дома, яму не падабаўся кватэрны варыянт. Так ён па сваіх эскізах і сваімі ж
рукамі пабудаваў першы ў Глыбокім двухпавярховы катэдж, аздоблены кавальскімі
вырабамі, а над комінам дома каваля
размяшчаўся флюгер, які сімвалізуе сцяг кавальства. Працаваў, каваў, будаваў, выхоўваў сына і тут
аднойчы, прыйшоўшы з працы, Аляксандр Сяргеевіч атрымаў запрашэнне прыняць удзел
ва Усесаюзным фестывалі кавалёў, які арганізовываў пад Масквой, у Балашысе, сын
патрыярха айчыннай кавальскай працы, аўтар дапаможнікаў па гэтаму рамяству А.Зімін.
З’ездзіў, прыняў удзел і пайшоў з камбіната на вольныя хлябы, бо справа
клікала.
Аляксандр пачаў часта ездзіць па гарадах Беларусі, фатаграфаваць, збіраць
па драбніцах тое, што яшчэ захавалася. Ён паставіў перад сабой мэту вярнуць да жыцця прыгажосць, якая знікла,
адрадзіць прафесію каваля па мастацкай апрацоўцы металу.
Пачаткі
прадпрымальніцкай дзейнасці
("Дэкор”, "Крыніца”)
Потым пачалася "перабудова”, "новае
мысленне”, як казаў Гарбачоў. Дазволілі займацца індывідуальнай
прадпрымальніцкай дзейнасцю. І Аляксандр Дубіна разам з Валянцінам Драздовым у
"времянке”, у якой год шэсць жыў майстар, калі будаваўся, адкрыў першую
прыватную кузню ў Глыбокім. "Бацька нават меў пасведчанне прадпрымальніка
першым у Глыбокім. На ім стаяў нумар - 1”, - паведамляе Дзяніс. Раздабылі старыя
станкі, сабралі іншыя прылады, бо свет не без добрых людзей. Потым Аляксандр
Сяргеевіч пачаў запрашаць токараў, сваршчыкаў да сябе на працу, гэта было трохі
рызыкова і не прывычна пераходзіць з дзяржаўнай працы на прадпрымальніцкую. Але
людзі прыходзілі, толкам кавальскай справы ніхто не ведаў – вучыліся сумесна. Паступова,
калі набралася чалавек дзесяць, у кузні
не хапала месца, і адважыўся Аляксандр Сяргеевіч на дзёрзкі па тых часах крок: арганізаваў кааператыў па
апрацоўцы металу, іншых будаўнічых работах. 2 мая 1989 года па радыёстанцыі
"Маяк” прагучала паведамленне аб тым, што ў Глыбокім працуе адзіны ў краіне
кааператыў кавалёў, арганізаваны мясцовым знаўцам кавальскага рамяства Аляксандрам Дубінай.
За сродкі аддзела культуры набылі такарны, свярлільныя станкі,
электразварачны апарат. Самі зрабілі станок для рэзкі металу. Афіцыйна
кааператыў "Дэкор” існаваў з лістапада 1988 года. (Члены кааператыву: В.
Драздоў, П. Леднік, М. Калантай, І. Агейнік, В. Рэдзько, Г. Залескі, Ф.Капшуль
і іншыя). Атрымалі будынак старой ільносемстанцыі: падлогу забетаніравалі,
станкі ўстанавілі… склаліся па 50 рублёў кожны і ва ўторчармеце купілі тоны
паўтары металічнага лому. Вось так пачыналі. Першымі кліентамі былі храмы, бо
на хвалі перабудовы пачалі адраджацца найперш каталіцкія. Трэба было каваць
крыжы, краты на вокны, лесвіцы. Потым праваслаўныя цэрквы. Затым заключылі дагавор з ПМК-46, згодна
дагавору атрымалі аванс і далей пайшло, паехала… Далей ўзнікла патрэба
аздабляць кавальскімі вырабамі Дамы культуры і вуліцы горада. Больш за паўсотні
будынкаў "падкавалі ” члены кааператыва "Дэкор”, гэта значыць - упрыгожылі карункамі і шыльдамі, лесвічнымі
і балконнымі абгароджамі, крылечкамі, карнізамі, франтонамі, дымнікамі,
варотамі. Ну зусім, як у старадаўнія часы.
Таксама майстры паспявалі ўдзельнічаць у розных выставах. Найперш –
"Славянскі базар” у Віцебску, "Браслаўскія зарніцы”, "Гучаць цымбалы і
гармонік” у Паставах. Зразумела, заўсёды ўдзельнічалі ў Свяце горада (Глыбокае)
у намінацыі "Выстава народных майстроў”. Некалькі разоў былі на выставах у г.
Балашыха (Расія) ды на святах кавальскага майстэрства славутага беларускага
паэта і каваля Паўлюка Багрыма.
З кожнага фестываля кавальскай справы Аляксандр Дубіна прывозіў узнагароды
і падзякі, напрыклад, на IV Усесаюзным
фестывалі кавалёў быў узнагароджаны Знакам ВЦСПС "За дасягненні ў самадзейным
мастацтве”, а калектыў "Дэкор” яшчэ на ІІІ Усесаюзным фестывалі стаў лаўрэатам
мастацкай коўкі па тэме "садова-паркавы інтэр’ер”. Такі ж дыплом атрымалі і на IV фестывалі.
А з Усесаюзнага фестываля "Кавалі, прырода, Айчына” вярнуўся з узнагародай:
зроблены ім з калегам ліхтар быў удастоены дыплома ІІІ ступені.
Але
яшчэ намнога раней (дзесьці ў 1986) годзе Аляксандр Сяргеевіч аб’яднаўся з
Фёдарам Іванавічам Сухавіла, вучнем самога Язэпа Драздовіча. Яны сустрэліся
народныя майстры і стварылі свой клуб, савет якога ўзначаліў маладзейшы з іх –
А.С. Дубіна. Клуб "Крыніца” у 1988 годзе
атрымаў званне "народнага” і было за што. Надзвычай было актыўным яго жыццё. На
свяце "Мінск-87”
былі там глыбоцкія майстры, прынялі ўдзел у выстаўцы, прысвечанай 800-годдзю
"Слова аб палку Ігаравым” у Полацку, у свяце "Звіняць цымбалы” ў Віцебску, у
вечарыне памяці Язэпа Драздовіча ў Доме літаратара ў Мінску…
У
1990 годзе Аляксандр Сяргеевіч Дубіна арганізаваў І Усебеларускае свята
кавальства ў горадзе Глыбокае, на якое
з’ехаліся кавалі з розных куткоў СССР: з Масквы, Ленінграда, Душанбе, Каўнаса,
Таліна, Камчаткі і іншыя гарады, адгукнуліся на запрашэнне, бо кавалі – народ
дружны… Гасцямі фестываля былі розныя акцёры, спевакі, нават прыехаў касманаўт
з Чэхаславакіі.
З часам
Аляксандр пачаў заўважаць, што з-за адміністратыўнай руціны ўсё менш
заставалася магчымасцей займацца любімым рамёствам. Па асабістай ініцыятыве
Аляксандр Дубіна пакінуў працу ў кааператыве "Дэкор”, і пайшоў працаваць у сваю
"дамашнюю” кавальню, дзе працаваў для душы і навучаў нялёгкай працы і сына
Дзяніса. Затым пачалі разам ўдзельнічаць у фестывалях, з’ездах кавалёў,
атрымлівалі заказы, атрымлівалі ўзнагароды, здзіўлялі публіку сваімі цікавымі і
разнастайнымі працамі. Адным з самых
лепшых твораў бацькі і сына лічыцца брычка.
Па прыкладу старадаўняй сапраўднай брычкі, якую майстры знайшлі ў былога
фурмана, яны стварылі каваную копію паменшанага памеру.
Калі бачыш работы беларускага каваля, сапраўды адчуваеш цяпло, якое
выпраменьваецца прадметамі, да якіх дакраналіся рукі і молат Майстра. Бо
адносіны з металам Аляксандр будаваў на аснове ўласнай арыгінальнай філасофіі.
Ён казаў: "Чым больш прафесіянальная кампетэнтнасць каваля, тым вышэй яго
гатоўнасць крытычна разабраць свае памылкі ў рабоце з матэрыялам ”. Часта казаў, што жалеза не прабачае памылак. "Я думаю, - казаў
Майстар, - што не даруе іх тым, хто не гатовы гнутка рэагаваць, прымаць уласныя
памылкі і бачыць памылкі матэрыяла, хто не гатовы прыкласці намаганні для
дасягнення лепшых вынікаў.
Памёр 24 кастрычніка 2003 г.
Шугае полымя Багрыма,
І горан дыхае грудзьмі
А з кузні пах жалезны дыма, Забыты многімі людзьмі.
Кавалда з молатам актавы,
Гучаць у стоенай цішы,
Куе каваль не дзеля славы,
А па вялікасці душы.
Далоняў цвёрдыя мазолі,
Узяў ад бацькі родны сын,
Каб аб каванай жырандолі,
Жадана бачыліся сны.
Каб кузні звон у свеце божым,
Зліваўся з голасам званіц,
З-пад сховаў гродзенскай Каложы,
З гаючых гоманаў крыніц.
Віталь Гарановіч
|