“Магніфікат-2014”: каб свет пазнаў Ісціну”
У гэтыя дні на Глыбоччыне пануе вельмі радасная і ўзнёслая, прасякнутая шчырасцю і дабрынёй, атмасфера Х Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат”. У нашу старонку завітала шмат дарагіх гасцей, непасрэдных арганізатараў гэтага фестывалю, святароў, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі нашай краіны і, канешне ж, кінематаграфістаў з 17 краін свету – Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Германіі, Грузіі, ЗША, Ізраіля, Індыі, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Македоніі, Польшчы, Расіі,Украіны, Францыі, Харватыі.
Прывітальныя адрасы ўдзельнікам і гасцям юбілейнага фестывалю даслалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Алег Морхат і Ардынарый Віцебскі, біскуп Алег Буткевіч.
Упершыню свае работы прадставілі стваральнікі добрага кіно з Азербайджана і Македоніі (на фестывальнай алеі ў вёсцы Івесь сёння будуць пасаджаны маладзенькія дрэўцы ў гонар гэтых краін-удзельніц). А ўсяго на галоўныя і ганаровыя прызы сёлетняга фестывалю прэтэндуе ці не больш 40 кінастужак. У радасную віхуру фестывальных падзей акунуліся і жыхары Удзела, Мосара, Івесі. Праходзяць таксама конкурсныя прагляды ў шэрагу працоўных калектываў і конкурс мультыплікацыйных фільмаў для дзяцей, на які, дарэчы, прадстаўлена 12 творчых работ кінематаграфістаў з Беларусі, Іспаніі, Расіі, Польшчы, Азербайджана і Індыі.
А распачыналіся фестывальныя падзеі ў мінулую нядзелю ў сталіцы нашай краіны, горадзе Мінску. У Архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі пасля святой Імшы на пачатак фестывалю, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, адбылося ўрачыстае адкрыццё “Магніфіката-2014”. Сардэчна вітаючы ўсіх удзельнікаў і гасцей фестывалю, Яго Эксцэленцыя, у прыватнасці, падкрэсліў, што ў наш час, калі дэвальвуюцца хрысціянскія каштоўнасці, і чалавек усё часцей жыве так, як быццам Бог зусім не існуе, такія сродкі сацыяльных камунікацый, якімі з’яўляюцца кіно і тэлебачанне, павінны адыгрываць усё большую ролю ў евангелізацыі, адраджэнні і ўмацаванні веры.
Конкурсны паказ першых васьмі кінастужак праходзіў у касцёле святых Сымона і Алены. Перад пачаткам прагляду гасцей і шматлікіх прысутных прывіталі дырэктар фестывалю Юрый Гарулёў і старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Унуковіч. У сваёй прамове Галіна Уладзіміраўна менавіта і адзначыла важную асаблівасць фестывальнай атмасферы, яе незвычайную дабрыню і цеплыню.
—Гэты фестываль – сапраўды на карысць Госпаду Богу і людзям, — сказала Галіна Унуковіч. – Аўтары кінастужак не толькі самі адчуваюць вастрыню праблем сучаснага свету, а імкнуцца дапамагчы гледачу дакрануцца да гэтых складаных праблем і знайсці шляхі іх вырашэння.
І, безумоўна ж, знаходзячыся ў Мінску, Галіна Уладзіміраўна шчыра запрашала ўсіх да нас, на Глыбоччыну.
|